epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Дзеці

Вочы свецяцца добрым даверам,

Дзеці вераць так шчыра усім:

Чалавеку, і дрэву, і зверу,

Тэлефільмам і кнігам сваім.

 

Што ім нудныя нашы парады!

Цуды веку выкладвайце ім.

Справядлівасці, ласкі і праўды —

Вось і ўсё, што патрэбна малым.

 

Ды зямлю ўсю ў прыдачу, ды космас,

Ды цудоўную казку на ноч,

Ды па травах набегацца росных

Без апекі бацькоў басанож.

 

То народ кампанейскі і чэсны,

А схітруюць ці зманяць парой,—

Гэта мы, гэта нашая чэрствасць,

Наш далёкі нядобры настрой.

 

Не спяшайце іх грозна праверыць,

За свавольства хутчэй асудзіць.

Я ў дзіцячую жорсткасць не веру,

Бог вясёлы ў іх сэрцы сядзіць.

 

Мы, успомніўшы годы маленства,

Хочам бачыць ва ўсім падабенства.

Дзеці мала падобны да нас:

Іх не мы нараджаем, а час.

 

Гэта час падсабляе ім выжыць,

Стаць дужэй, разумней і чысцей...

Ціха!

Маці зямлі ўсёй калышуць

Міліёны маленькіх людзей.

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан