epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Дзеці над возерам

Гуляюць дзеці каля возера,

А неба з сонцам — у вадзе.

Дзяцей шматвопытныя позіркі

Заваражыў пагодны дзень.

 

Яны прыехалі ўсе з горада

І ўпершыню пад птушак спеў

Накінуліся, нібы з голаду,

На дзіўны свет і траў і дрэў.

 

Тут столькі нечаканай радасці:

Расінка — сіні аганёк,

Асколачкам вясновай радугі

На сопцы блісне акунёк.

 

Па-над гладышыкамі лотаці,

Над жоўтым кветкавым кастром —

Стракозы, быццам верталёцікі:

Ім кожны ліст — аэрадром.

 

Вось дзьмухне вецер — і вяршаліны

Асін паціху закіпяць...

Ляснік з суседняе імшарыны

Сюды каня прывёў купаць.

 

І захапленне плешча голасна:

Якая грыва, патрымай!

Праехацца б, ды крыху боязна:

Табе, брат, гэта не трамвай.

 

Як гэткі конь імчаў Будзённага!

Як бліскаў срэбраны клінок!..

Ім тэлевізар — абыдзёншчына,

Прасцей глытка вады — кіно.

 

Амаль з калыскі дакранаецца

Да цудаў веку гэты люд.

А век не мае часу раіцца,

Дзе сёння цуд, а дзе не цуд.

 

А мы раслі пад песні жніўныя,

З бярозавіку пілі квас.

І першы трактар — дзіва дзіўнае —

На ўсё жыццё уразіў нас.

 

Я не збянтэжан той адноснасцю,

Змяшчэннем поглядаў і дзіў.

Адно хачу, каб сіняй роснасцю

Наш добры век часцей хадзіў.

 

Быць гэтым дзецям у палёце!

І ў цішыні касмічных трас

Стракозы, быццам верталёцікі,

Ім прыгадаюцца не раз.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан