epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Гальштук

Ён крыху запэцканы чарнілам,

Не святочны — змяты і стары.

Мне яго дзяўчынка падарыла

У спякотнай шчодрай Бухары.

 

Там ішло усё па рытуалу,

Ну а плошча шчырасцю гула.

Ты ўбаку маленькая стаяла,

Ростам ты па сэрца мне была.

 

Не ўзялі цябе у строй парадны,

Можа, з-за адзнак ці нейкіх бед.

Толькі бачыў: сапраўды ты рада,

Госці падабаюцца табе.

 

Я знарок з галоўнай сцежкі збочыў

Непрыкметна і не напаказ.

Божа мой, якім прызнаннем вочы

У малой заззялі мне ў адказ...

 

Успаміны я перабіраю,

Свецяць вачаняты мне здалёк.

І часцей цяпер я пазіраю

На дзяцей, адціснутых убок.

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан