epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Гляджу я на азербайджанку..."

* * *

Гляджу я на азербайджанку,

Палошча яна бялізну.

Сонца далёкага ранку

Мяне нечакана пранізвае.

 

Бачыў аднойчы гвінейку,

Таўкла яна сорга ў ступе.

На успаміны нейкія

Сэрца азвалася стукам.

 

Спрадвечныя звычныя рухі,

Да болю знаёмыя жэсты.

Здаецца, вось гэтыя рукі

Кармілі мяне ў маленстве.

 

А вочы жаночыя свецяць

Усюды так мудра і добра:

Усе сялянкі на свеце

На маці маю падобны.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан