epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Гнеў i літасць

Дабрадушны я

Альбо сярдзіты,

Весела бывае

Ці невесела —

Я штодня

Мяняю гнеў на літасць,—

То маё прызванне

І прафесія.

 

Пакаўзнецца

Нехта незнарок,

Наламае дроў

З малога розуму,

Будзе хай урок,

А не курок,

І не трэба

Прыгавору грознага.

 

Прагнасць,

Зайздрасць

Ненавісны мне,

Колькі імі

Душ людскіх знявечана.

Я змякчу прысуд,

Калі на дне

Нешта засталося чалавечае.

 

П’янае дзікунства

І паклёп,

Гвалтаванне,

Цёмнае грабежніцтва,

Падхалімства подлае

Ўзахлёб —

Ім заўсёды

Кара непазбежная.

1975


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан