epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Горад

Кожны дом характар мае,

Таямніцы — кожны двор.

Той — балкон свой выстаўляе,

Нібы сківіцу баксёр.

 

Той — будынак-расплывуха,

Дзе там вокны, дзе ўваход?

Той глядзіць нахабным зухам

На архітэктурны зброд.

 

Той слановыя калоны

У зямлю навечна ўбіў...

Недагледжаныя клёны

Лістапад абцерабіў.

 

Недаробкі, непаладкі

Мае ледзь не кожны дом.

Неістотныя ападкі

Густа сыплюцца на дол.

 

Ды ўстае другі ўрачыста

Над паспешнасцю былой

Новы горад.

Ён празрысты,

З нетутэйшаю красой.

 

І, захоплены уласным

Хараством, не помніць ён,

Што пад ім, нібы пад прасам,

Кроў, пакута і праклён.

 

Што пад ім і продкаў косці,

І кальчугі, і шчыты...

Да гісторыі у госці

Заўтра сам паедзеш ты.

 

Праімчыцца, пранясецца

Ў лабірынце дробных рэк,

Праз дванаццаты праб’ецца

І праз пяты нават век

 

З рэактыўным завываннем

Наша мінскае метро...

А цяпер машын рыканне

Ды асенні гул вятроў.

 

Я хаджу, гляджу без стомы,

Што было — не адгадаць.

Ад майго былога дома

Ценю нават не відаць.

Між святла, рэклам, туману

Не магу знайсці той рог,

Дзе калісьці я з каханай

Поўнач мінскую сцярог.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан