epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Горкая гордасць

Каралеўскімі замкамі

Ганарацца,

Саборамі.

Мы — зямлёй партызанскаю,

Перамогай над ворагам.

 

Нехта хваліцца рознымі

Трыумфальнымі аркамі.

Мы — аршанскімі соснамі,

Магілёўскімі хмаркамі.

 

Хай наўкол электроніка

І машын табуны,—

Плача тоненькі, тоненькі

Ў сэрцы голас вайны.

 

Жыта шчодрае косім,

Славім шчасця гады,

А гасцей усё возім

У Хатынь, у Хатынь.

 

На зямлі нашай светлай

Добра жыць і любіць.

Аб чацвёртым, чацвёртым

Мы не можам забыць.

 

Наша горкая гордасць

Прасвятлее ў вяках.

Не скрышылі нас орды,

Не адолеў нас страх,

 

Ні трапічная парнасць,

Ні мароз невыносны...

Каралеўскія пальмы,

Партызанскія сосны.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан