epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"І мяне хвароба тузанула..."

* * *

І мяне хвароба тузанула,

Ведзьме рыхтавала на пасаг.

Адыдзі — дабром прашу — зануда,

Дай мне пра здаровых напісаць.

 

Бо пакуль шукаў я слоў глыбінных,

Каб душой не пакрывіць ні ў чым,

Пачарнелі ўсе мае рабіны,

Зледзянеў ядловец уначы.

 

Не жадаю ў буркатні пагразнуць!

Скардзіцца не ўмею, не хачу.

І не стану прытварацца блазнам,

З маладымі ціха памаўчу...

 

Маладосць, не хочаш — не вяртайся:

Мне не сорам жыць і з сівізной.

Толькі зрэдку ты са мной вітайся,

Не пад Новы год і не вясной.

 

Прывітайся ты са мною ўвосень,

Калі дождж так цяжка б’е ў душу,

Можа, не ўпаду я на пракосе,

Можа, луг апошні дакашу.

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан