epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"І няма каго нам папракаць..."

* * *

І няма каго нам папракаць —

Быт стары эпоха раздрабіла.

Развучыліся мы коней запрагаць,

Не адрознім панарад ад біла.

Мы з нагі не збіліся нідзе,

І не нам за старызну чапляцца.

Толькі трутняў шмат яшчэ гудзе

Над зямлёй людзей, над нашай працай.

Бо, «з другога боку, ёсць у нас»,—

Гэта я казаў ці вы казалі?

Мы хавалі ўласніцтва не раз,

А яно ізноўку выпаўзае.

Людзі робяць, як ва ўсе часы,

А другія век жывуць улегцы.

Ім бы толькі славу для красы,

Ім бы за стырно ды ў рукі лейцы.

Нахапаць паболей барахла,

Лепш пажыць, смачней папіць, паесці,

Пакадзіць начальству,

З-за вугла

Друга аглушыць,

Вышэй пралезці.

Спрытны чмут не любіць сеяць, жаць,

Ён на хлебным месцы прымасціўся

І лагодна можа разважаць

І пра «Песняроў» і пра Маціса.

Стараваты сыты галасок,

Ён наскрозь фальшывы і ілжывы.

Яго поіць не з бярозы сок —

Прагнасць, бессардэчнасць і нажыва.

«Я табе, ты мне — яго закон,—

Гні сяброў і гніся сам, дзе трэба,

Ды трымай язык свой пад замком

І не вер сябрам, зямлі і небу...»

Хочацца пра іншае пісаць,

Ды занепакоены я шчыра,

Што няма каго нам папракаць

І смяюцца трутні над сатырай.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан