epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Ілюзіі, ілюзіі..."

* * *

Ілюзіі, ілюзіі...

Як густа вы наслоены!

Травы не бачу ў лузе я,

Хаджу занепакоены.

 

Сады. Сланечнік з макам.

Кругом асабнякі.

Не сенам — пухам мяккім

Набіты сеннікі.

 

Мяшчанства атлусцелае

І тук, і сок тут чэрпае.

І думаю дзень цэлы я

Пра гэта племя чэрствае.

 

Пра іх няпраўды вечныя,

Што праўдай прытвараюцца.

Тут справы чалавечыя

У смех ператвараюцца.

 

Тут баязліўцы хцівыя

Глядзяць на нас героямі.

Халтуршчыкі пачцівыя

Сігнуць уверх настроены.

 

Ці не зашмат

Надзьмутага,

Бязлітаснага,

Прагнага?

Уласнасць каламутная

Засмокча многіх багнаю.

 

Я ім не прапаноўваю

Нішчымныя пайкі...

Каб жыў народ па-новаму,

На смерць ішлі палкі.

 

Мае гады — не лёгкі пух,

Даўно юнацтва страчана...

А ўсё было: і луг, і друг,

І галасы дзіцячыя.

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан