epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Я аб дзецях, аб дзецях...

Сонца маё,

Сосны мае,

Людзі мае,

Дазвольце хоць раз зажурыцца.

У чабор твой, радзіма,

Хачу я

Прытомленым тварам зарыцца.

 

Разбягаюцца рэкі мае

На захад, на поўнач, на поўдзень.

Разлятаюцца дзеці мае —

Хутка іхняга ценю не знойдзеш.

 

Я трымаюся цудам

Між зямлёю цяжкою і небам,

Між травой і жарствой,

Паміж ноччу і днём.

На рабочай зямлі

Аж да скону

Хацелася б мне быць

І гарэць для людзей

Хоць малым,

Але толькі агнём.

 

Хлебаробы, ліцейшчыкі,

Творцы машын вылічальных,

Вам — адданасць мая,

І любоў,

І маё велічанне.

Соль зямлі

І святло вы,

Сумленнасць

Найбольшая ў свеце:

Толькі вы захавайце

Праўду,

І пушчы,

І рэкі,

І святыя сцягі...

Я аб дзецях, аб дзецях, аб дзецях

Хай жа ваша дарога

Ім роднаю будзе навекі.

І пляваць мне,

Што сквапны хітрун

Нешта подлае выбрыкне

Ці які кар’ерыст

З плеткарамі за пляшкай заседзіцца.

А аб дзецях, аб дзецях...

А што, калі выбухне,

Над жывою зямлёю

Пякельнае сонца засвеціцца

І навекі пагасне?

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан