epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Я гаварыў занадта гучна..."

* * *

Я гаварыў занадта гучна

Ды і пісаў

занадта гучна,

Пара праўдзівей і цішэй,

Да сэрца нечага бліжэй,

А гэта ў сотні раз цяжэй.

 

А ці пачуюць,

ці пачуюць?

А што пачую ад другіх?

Усе спяшаць,

усе качуюць,

Адзін другога дрэнна чуюць,

Грызуць свае турботы іх.

 

Сказаць бы хмурнаму суседу:

Заходзь,

расказвай мне пра беды,

Давай пакурым,

пасядзім,

На рэчаіснасць паглядзім.

 

Чаму наш час

нервовы, тлумны,

Чаму парою

мы прыгорблены,

Чаму так многа недадумана,

Чаму так многа недароблена?

 

Ды не заву,

а сам сяджу,

Сябе бязлітасна суджу,

Пасля бяруся за другіх: —

Сваіх калегаў дарагіх.

Той хлусіць,

гэты прытвараецца,

А той над градкамі заціх —

І вось няма ўжо

з кім параіцца,

І вось няма куды зайсці.

 

Той знемагае у палаце,

А той ад славы ачмурэў.

Няўжо ў сяброў я веру страціў?

Цішэй, цішэй,

мой хатні гнеў.

 

Яны ні ў чым не вінаваты,

Яны такія,

як і ўсе;

Іх, слаўных, грэшных, дзіўнаватых,

Жыццё шалёнае нясе.

 

Ты сам спагадлівей зрабіся,

Ты сам такое напішы,

Каб узняліся трохі высі

І пасвятлела на душы.

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан