epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Я не магу судзіць нікога..."

* * *

Я не магу судзіць нікога,

Дарую многае братам,

Бо сам не быў любімцам бога,

Я — пасівелы сірата.

 

Няўдачлівы і трохі грэшны,

А міласці не папрашу:

Я сам раздам усё да рэшты —

Жыццё, і вершы, і душу.

 

Я дзякую сябрам за дружбу

(Інакшых не хачу сяброў),

Зямлі — за хлеб, лясы і ружы,

Сям'і — за чуласць і любоў.

 

А небу дзякую за промні

На ўсім працягу лет і зім...

А там, успомняць ці не ўспомняць,

Я не турбуюся зусім.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан