epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Я ўнука вяду ў Маўзалей

З высокай нязменнай любоўю

Між добрых надзейных людзей

Да Леніна крочу ізноў я

І ўнука вяду ў Маўзалей.

 

Яго павучаць не хачу я,

А проста вяду к Ільічу.

Убачыць — і сэрцам адчуе

Усё, што і сам я адчуў.

 

Няма тут на плошчы галоўных,

Няма паміж нас радавых —

Спакойная годнасць і роўнасць

І сэрца адно на усіх.

 

Запомні, унук мой, да скону:

Тут сонцу заўжды палымнець

На гэтым граніце чырвоным,

На гэтай чырвонай сцяне.

 

А варта падцягнута строга,

А сонца гарыць над Масквой,

І чыстае сэрца малога

Стукоча ў далоні маёй.

 

Да ўсіх дакранулася вечнасць,

Чысцейшымі сталі усе.

І горкую гэту сустрэчу,

І светлую гэту сустрэчу

Унук праз жыццё пранясе.

 

Бо той, хто тут раз пабывае,

Журботнай ракой праплыве,

Адгэтуль жыццё пачынае

І з Леніным вечна жыве.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан