epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Як позна ліпы сёлета цвітуць..."

* * *

Як позна ліпы сёлета цвітуць:

Было так доўга холадна і хмарна.

На жоўтых крыльцах зерняты лятуць

І шэрыя фарбуюць тратуары.

 

А я прыпомніў паваенны час:

Жылі ў скляпах, зямлянках і руінах,

Душыў нас папялішчаў горкі чад,

І марылі мы ўсе пра зеляніну.

 

Вайна у сэрцах будзе доўга тлець...

Згадзіліся мінчане пацярпець

І мудрых тых людзей не асудзілі,

Што першым чынам ліпы пасадзілі.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан