epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Як зязюлі закукуюць...

Паўтараецца вечна,

А гучыць не завучана

Кожнай новай вясной

Кукаванне зязюльчына.

 

Маладым лічыць годы,

Непаседам — прыгоды,

Нам, салдатам старым,—

Баявыя паходы

 

І магілы, магілы...

Ля кожнае вёскі —

Нашы аднапалчане,

Аднафамільцы і цёзкі.

 

Як вясною зязюлі

Ў Беларусі маёй закукуюць,

У Сібіры, на Волзе

Па мёртвых сынах засумуюць.

 

Не патрэбна забітым

Ні славы, ні вечнасці.

Іх матулям сівым

Трэба ціхай сардэчнасці.

 

Прыязджаюць да нас

Яны ў светлыя дні перамогі

На зялёныя нашы

Лясныя дарогі.

 

Кожны год мы і плачам,

І чарку бяром разам з імі,

І становяцца ў дні тыя

Мёртвыя зноўку жывымі.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан