epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Якую прысніў ты маці..."

* * *

Якую прысніў ты маці

З далёкай зямлі маленства?

 

На полі з сярпом і песняй,

З усмешкай блакітнавокай.

 

Вядзе ў першы клас цябе горда,

Ты кветкі ў руцэ трымаеш.

 

Гармідар гусіны на ферме

І маці ў белым халаце.

 

Парэпаны рукі цяжкія

Ці ярка гараць завушніцы.

 

Ляжыць забітая ў снезе

Пад вогненным дымным небам.

 

Адна, пастарэлая ў горы,

Ці з добрым лагодным бацькам.

 

Якою прысніцца маці,

Такою і песня будзе.

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан