epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Яшчэ адзін шумлівы год прайшоў..."

* * *

Яшчэ адзін шумлівы год прайшоў —

Адна прыступка на кароткай лесвіцы.

Я пастарэў на тысячу дажджоў,

Памаладзеў на тры вясновых месяцы.

 

Пісаў, чытаў, па свеце вандраваў,

То цешыўся драбніцай, то злаваўся;

Сто лепшых дзён бязглузда засядаў

І з масаю пісьменніцкай зліваўся.

 

Злівацца трэба з радасцю людской,

З турботамі жыцця і з чалавечым горам.

Хай мой такі нялёгкі неспакой

Вядзе мяне па ўсіх кутках да зморы.

 

І стане мілым кожны снегапад,

На ўсё зірну я з большаю прыязнасцю

І кожнаму дажджу заўсёды буду рад:

За ім ідуць дні цеплыні і яснасці.

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан