epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Калі пачалася вайна для мяне?.."

* * *

Калі пачалася вайна для мяне?

У самае першае тое світанне,

Ад бомбы найпершай...

І ўсё як у сне —

Сустрэча з вайной і з табой развітанне.

Нядаўна сады адцвілі,

Па начах

Так пахла наўкол белавежскай сасною.

Я нават хадзіць асцярожней пачаў:

Я быў перапоўнен табой і вясною.

 

А што, мая родная, мог я зрабіць?

На захад мы ехалі ворага біць

І апынуліся раптам на ўсходзе.

Я слухаў загады,

Я быў у паходзе.

Ні ў чым не вінюся:

Не лашчыла нас

Дарога вайны,

Але гэта не ўцеха...

Пытаўся, шукаў — і ні слыху ў адказ,

Ні следу нідзе, ні далёкага рэха.

Я часта з надзеяй і страхам лавіў

На станцыях

Мільгануўшыя вочы.

Ва ўсіх ён вайною аднолькавы быў —

З трывогай і просьбай, той погляд жаночы.

 

І ноччу ў зямлянцы прасіў я тайком

Цябе, можа быць, нежывую: прысніся.

Сабе загадаў я:

Салдацкім пайком

І з дзецьмі, і з бежанкай кожнай дзяліся.

І больш не было ўжо сустрэчы з табой,

А толькі з вайною было развітанне...

І кожнай вясною

Не першы свой бой —

Цябе ўспамінаю

І тое світанне.

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан