epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Камсамолец з Расоншчыны

Везлі камсамольца у Нямеччыну,

Задыхаўся ад людзей вагон.

Твары ўсе бядою пакамечаны

Ў землякоў,

Ды толькі не ў яго.

 

Ён рашыў:

Ці куля, ці змаганне.

Толькі б гэта людзям зразумець...

Сціснуліся...

Не чутно дыхання...

У акенца ён палез па смерць.

 

А дарога гнала ўдаль вагоны

І жалезным плачам аж гула.

Пачарнела ўся зямля ад стогну,

А яму загінуць не дала.

 

Ён, разбіты, ледзь не паламаны,

Сцяўшы зубы, вецер волі піў.

А з нябёсаў зорка палымяная

Хлопцу ўсё шаптала: «Пацярпі...»

 

Будзе цяжка, будзе вельмі горка,

Будзе па-геройску злыдняў біць.

І з нябёсаў родных тая зорка

Будзе ўсё жыццё яму свяціць.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан