epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Капайце у сэрцы маім магілу..."

* * *

Капайце у сэрцы маім магілу,

Нібы пад зялёнай ракітай...

З цябе насмяяўся няверны мілы?

Боль свой на донца кідай.

 

Таварыш, пячэ цябе горкая крыўда,

Точыць туга твае грудзі?

Для крыўдаў усіх маё сэрца адкрыта,—

Зносьце хутчэй іх, людзі!

 

Мучаць цябе, брат, старыя раны,

Ляжыш ты, да ложка прыкуты?

Я закапаю у сэрцы старанна

Цяжкія твае пакуты.

 

А на цябе, друг,

Паклёпнік вые?

Прывозь свае беды на тачцы...

Не хочуць толькі матулі сівыя

З горам сваім расстацца.

 

Сыноў ім не вернеш, не дапаможаш...

Астатняе — сэрца змесціць.

І ты, мой малы, свае першыя можаш

Дробныя слёзы прынесці.

 

Вы рана задумаліся аб смерці,

Няўдачнікі і калекі.

Я вашае гора зарыю ў сэрца

І знікну адгэтуль навекі.

 

Хай жонка і дзеці не перажываюць,

Мне цяжка, ды радасна будзе:

Ёсць горад на свеце, дзе пражываюць

Толькі шчаслівыя людзі.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан