epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Касцёр на лузе

Вось і май падышоў неўпрыкметкі,

Зноў рассыпаны ля берагоў

Адуванчыкі — рыжыя кветкі,

Залатыя вяснушкі лугоў.

 

І табе трохі іх перапала,

Каб прыкметней была за сясцёр...

Мы сягоння над рэчкай запалім

Свой апошні вясновы касцёр.

 

Будзе сонца павольна заходзіць,

Рэчка хвалямі не калыхне,

І шумлівае наша стагоддзе

З намі ў лодцы крыху адпачне.

 

На губах, на рыбацкім вядзерцы

Водбліск полымя будзе ляжаць.

Будзе юшка гарачая з перцам

Злабадзённасць і вечнасць сцвярджаць.

 

У нязвычных умовах са свістам

Будзе чайнік злавацца, кіпець.

Будзе наш пашлаваты транзістар

Песні мілыя Зыкінай пець.

 

Будуць зоркі гарэць не ўрачыста,

А па-свойску, адным толькі нам...

Усе творы абстракцыяністаў

За такую канкрэтнасць аддам.

 

Павучай мяне, крытык, і злуйся,

Намячай рэалізму шляхі.

Я з любімай сягоння на лузе

І да крытыкі мудрай глухі.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан