epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Касманаўт заўжды пасля палёту..."

* * *

Касманаўт заўжды пасля палёту

Прывыкае да зямлі ізноў.

Думаю пра гэта я з палёгкай:

Мы ўвесь час вяртаемся дамоў.

 

Век мой, я прашу ў цябе не многа:

Без расчараванняў — абнадзей,

Прывучы да шуму гарадскога,

Да касмічнай хуткасці падзей,

 

Да заводаў нафтаперагонных

Каля нашых рэчак і балот,

Да таемных цудаў электронных,

Да трывог дзяржаўных і турбот.

 

Прывучы да новых нашых вёсак,

Да рыкання вечнага дарог;

Да таго, што мне ўжо нельга босым

Выбегчы на росы за парог;

 

І да звычак моладзі нязвычных,

Дзе крыклівых песень цераз край;

Да зямнога новага аблічча

Прывучай, штодзённа прывучай...

 

Толькі не прывыкнуць мне ніколі

Да цябе, вясновы крыгаход,

Да цвіцення яблынь і таполяў,

Што цвітуць іначай кожны год.

 

Я сам-насам зноў з вясной пабуду,

У здзіўленні новым памаўчу.

Да зямных, знаёмых змалку цудаў

Прывыкаць не ўмею, не хачу.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан