epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Каштаны (Барысу Алейніку)

Штодня выхваляцца не стану,

Ды з радасцю ўспомніць гатоў:

З Барысам садзілі каштаны

Мы ў Мінску на свяце братоў.

 

Мы рады былі пастарацца:

Глядзелі на кожны каштан

I мудрыя вочы Тараса,

І добрыя вочы мінчан.

 

І справа не ў нас тут, вядома,

І ўсё-такі, дружа, павер,

Прыемна вяртацца дадому

Праз сонечны Кіеўскі сквер.

Заўсёды з табой і са мною

Святло чалавечых вачэй,

Штогод ад якога вясною

Каштаны палаюць ярчэй.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан