epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Кавуны (Расказ салдата)

Не частуйце мяне кавунамі:

Разлюбіў іх навек на вайне...

Немцы пёрлі на танках за намі,

Лупцавалі па мокрай спіне.

 

Мы тады абарону трымалі

Пад Херсонам

На душнай бахчы.

Да апошніх гранат ваявалі,

Не было нам каму памагчы.

 

Мы з салдацкай адвагай суровай

Паміралі,

Ачуньвалі зноў.

Прыхіналі свае галовы

Да халодных тугіх кавуноў.

 

І бясконцае пекла...

А потым

Тупацелі нямецкія боты.

Гарлапанілі гады над намі.

Абжыраліся кавунамі.

 

Гучна чмякалі, аж пацелі.

А пасля,

Пасля для пацехі

Кавуны ўзнімалі пудовыя

Разбівалі аб нашы галовы.

 

Разляталася ў пырскі мякаць.

Катастрофа.

Гібель планет.

Пачыналі мы кроўю плакаць,

Адыходзячы на той свет...

 

Двух нас выжыла з гэтай бойні.

З той пары сню нядобрыя сны.

Ненавіджу фашыстаў

І войны

І, прабачце мяне,

Кавуны.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан