epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Казулічы

Многае з мінулага касуючы,

Я да скону ў сэрцы зберагу

Вёску на Бабруйшчыне, Казулічы —

Маладосць маю,

Маю тугу.

 

Там чытаў я школьнікам Купалу,

Сам пісаў я нешта аб вясне...

Вёска тая

Ў полымі сканала,

Крык апошні

Знік у чорным сне.

 

Пра пакуты не раскажуць сведкі,

Гэты жах баюся зразумець,

Як зганялі вас, мае суседкі,

Душагубы лютыя на смерць.

 

Не патрэбна слёз і слоў прачулых...

У якой траншэі мокнуў я,

Як палілі вас,

Матруна Булах,

Гаспадыня добрая мая?

 

Попел чалавечы доўга стыне,

Адлятае ў хмары маладосць...

На сцяне журботнай у Хатыні

І маіх Казуліч імя ёсць.

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан