epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Краса і цуд зямлі — Васіль Блажэнны..."

* * *

Краса і цуд зямлі — Васіль Блажэнны,

Паклон зямны табе ўсе дрэвы б’юць.

А ў нас дамы ірвуцца да бліжэйшых

Сузор’яў,

Аж на дыбачкі ўстаюць.

 

І ўсё ж да зорак, як раней, далёка,

А да зямлі нагою не дастаць.

І вецер з-пад машын уцёк з палёгкай

І ў фортачкі гучней пачаў свістаць.

 

Шкада травы і дрэў —

Не часта кажам:

Мы ўсе ў палоне просценькай маны —

Развешваем нікчэмныя пейзажы

І з кветкамі купляем дываны.

 

І як бы нас туга там ні сціскала —

Мы абжывём захмарныя вуглы.

А некалі ў гіганцкіх батыскафах

Мы спусцімся яшчэ ў марскую глыб...

 

А покуль узлятайце ў ліфтах, госці,

І кветкі на пятнаццаты узносьце.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан