epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Крышталічны хрыбет

Не завоблачны, не Каўказскі,

А загнаны пад балаты,

Часам казкай

І зрэдку ласкай

Цешыў нас гэты скарб залаты.

 

Крышталічны хрыбет палескі —

Перавернутая дуга...

Ціха, ціха цвітуць пралескі,

Над дрыгвою плыве туга.

 

Не шчымлівы голас жалейкі

Я пачуў, не ласіны роў —

Адгукнулася ў нетрах жалеза,

Чалавечая гордая кроў.

 

Справу мы пачалі не жартоўную,

Бо народ загадаў: пара!

Ад Карэліч і да Жытоміра

У капальнях агні гараць.

 

Там усё таямніча, прывабна.

Прабіваюцца праз туман

І граніт, і мармур, і вапна,

І касмічны метал-тытан...

 

Тытанічную бітву Айчына

Тут вяла, на зямлі дарагой...

Не заціхне званочак птушыны

Пад зялёнай палескай дугой.

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан