epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Ламае час былыя звычкі..."

* * *

Ламае час былыя звычкі,

Да наслаенняў я прывык:

Асліны голас электрычкі,

І старажытны маладзік,

 

І аўтаматыкі шарады,

І хітрай хіміі гушчар,

І чарнаморскія шаланды,

І лісця восеньскага жар,

 

Будзённы космас,

І Будзённы

Яшчэ ўсё скача на кані,

І чалавека воблік цёмны,

Што знік у атамным агні.

 

І два зубры, што з пушчы збеглі,

Убачыўшы счарнелы снег,—

Усё на сэрца цяжка легла,

Перамяшала страх і смех.

 

Тыпова, чорт вазьмі, тыпічна:

Тэлеантэны над вярбой,

Выпрабаванні стратэгічных

Ракет

І ракавы разбой.

 

Як мнагалюдна на планеце!

Больш тых, хто з голаду век пух,

Дакуль гібець, дакуль калець ім

У свеце здзірцаў і хапуг?

 

Хоць не парожняя дзяжа ў нас,

І добры хлеб наш не гарчыць,

І Ленін мудрую дзяржаўнасць

Нам даў, што трэба берагчы,

 

Ды часам думаеш да стомы:

Што нам нясе шалёны век?

А хто такія мы?

А што мы?

Якім ты станеш, чалавек?

 

Ад сколькіх ісцін адрачыся

І адцурацца хіб якіх,

Каб жыць прасцей, а не ўрачысцей,

Ды і чысцей на ўсе вякі?

 

А восень сыпле горкім лісцем,

І вечнасць свішча у трысці.

Як цяжка ўсім да простых ісцін

Праз лес хлусні старой дайсці.

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан