epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Лясы і рэкі

Лясныя рэкі вучылі плаваць,

А лес карміў нас, сушыў анучы.

Народным мсціўцам аддаў ён славу,

Сабе пакінуў адну пявучасць.

 

З ягад крушыны рабіў чарніла,

Арэхі сыпаў шчодра ў кішэні.

Аддаў нам стойкасць, аддаў нам сілу,

Сабе — куванне зязюлі шэрай.

 

Дык як мы любім?

І што ратуем?

Якое заўтра ўнукам рыхтуем?

Паціху ў нас лясы высякаюць,

Таму і рэчкі перасыхаюць.

 

Паглядзіш — і камяк у горле:

Парадзеў і збяднеў наш бор,

І блакітную скуру здзёрлі

Дзе-нідзе з нашых рэк і азёр:

 

Леглі плямы мазуту і нафты,

Бруд сцякае з усіх бакоў.

Як там птушкам пяецца?

Не надта.

Як там рыбы?

Спытай рыбакоў.

 

Смерць лясоў для мяне непрымальна,

Як і гібель павольная рэк...

Людзі, людзі, жывіце нармальна

І пра будучы думайце век.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан