epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Людзі лета з палеткаў назвозілі..."

* * *

Людзі лета з палеткаў назвозілі,

Гул гарачых матораў заціх...

Асцярожна хадзіце па восені,

Па завулках яе залатых.

 

Хай палае няяркі агеньчык

Кожнай кветкі ў халоднай траве.

Покуль сівер наўкол не заенчыць,

Спелы пах над зямлёю плыве.

 

Пазіраюць праз рыжае лісце

Позніх яблык крутыя ілбы.

На двары ўсё святлей і празрысцей...

Што ты страціў?

І што ты набыў?

 

Гэта вечныя нашы пытанні,

Сэрца стук

І антонавак стук.

Гэта нібы з жыццём развітанне:

Ты апошнюю бачыш вярсту.

 

Неяк вусцішна, грозна, журботна...

А найлепшая з хатніх навін:

Землякі з-пад Бягомля з балотаў

Мне прывезлі вядро журавін.

 

Я ўзяў невялікую жменю.

Божа мой,

Што за смак,

Што за сок!

Журавіны,

Маленства,

Здзіўленне...

Пачакай ты, магільны пясок.

 

Лістападу цякуць ручаіны,

Ты даўжэй з гэтым цудам пабудзь...

Хутка восень вятры і жанчыны

З падмарожаных сцежак зграбуць.

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан