epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Мае настаўнікі

З пажоўклых пергаментаў,

З прапыленых фаліянтаў,

З усіх шчылін мінулых стагоддзяў

Вылазяць галовы

Мудрых разбойнікаў,

Кволых філосафаў,

Фанатыкаў і прарокаў,

І кожны

Дагматычным пальцам

Тыкае ў маё набалелае сэрца:

Я твой настаўнік.

 

Каб я паслухаў адных —

Мне патрэбна было б знішчыць

Палову чалавецтва.

Каб я паслухаў іншых —

Знішчыў бы другую палову.

І на кожнай вярсце

Нечуванай адлегласці

(ад каменных дзідаў

да атамных шахтаў)

Пакінулі знакі свае

Прагнасць, злаба, і нянавісць.

Для мяне непрымальна

Ніводная форма прыгнечання,

І я ненавіджу

Чырвонае вока вайны.

Мне хочацца бачыць зямлю

З’яднанаю працай і дружбай,

Любоўю і сонцам,

І песняй «З Інтэрнацыяналам...».

Таму я і выбраў

Сабе у настаўнікі

Леніна,

Праўду

І родны народ:

Ім толькі і можна даверыць

Зямлю,

Рэвалюцыю

І дзяцей.

1970


1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан