epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Маё гарышча

Пара снягоў і нудных

Прамоў. Прыйшла зіма.

А я такі ж няўклюдны,

Як ты, зіма, сама.

 

Ударныя дэкады,

Не ўсё ідзе на лад.

Адны клянуць нарады,

Другія ўсё падрад.

 

А я усё карпею

Над нейкаю страфой.

Птушыная капэла

Заціхла пад страхой.

 

Сказаў не вельмі ўдала:

Няма страхі, няма.

Згубілася у далях

Дзіцячая зіма.

 

І ўсё-ткі засталіся

І ластаўкі з тых пор,

І сад, і сонца ў лісці,

І беласнежны бор,

 

І колер хмар і грому,

І пах баравікоў,

І яблыкі ў саломе,

І слодыч кіяхоў.

 

Мне сёння ўспомніць трэба

Цябе, сухі праснак;

Гуркоў, цыбулі, хлеба

Непараўнаны смак.

 

Маленства, ты не збегла

У край туманных сноў.

Знікае ўся адлегласць —

Я ў роднай вёсцы зноў.

 

I хоць малы ты ўласнік,

А подсвінка пакінь.

Пазней у курнай лазні

Пракопціш кумпякі.

 

Развесь іх на гарышчы

Ля венікаў радком,

Затым чакай ігрышчаў

Пад бубнаў звон і гром.

 

А дзе маё гарышча?

Наш дом цяпер з гару,

Пад дахам вецер свішча

У слотную пару.

 

І борам металічным —

Антэнаў стаякі.

Прапісаны ў сталічных

Кватэрах сваякі.

 

І ўсё ж маё гарышча

Заўжды было са мной —

На горкіх папялішчах

І лепшаю парой.

 

І там, за акіянам,

Забыць яго не мог...

Я чуў твой пах духмяны,

Ядлоўцавы дымок.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан