epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Маладосць i старасць

Як добра да восені тварам прыкласціся,

Пад ветрам хадзіць і паціху глядзець:

Стаіць васьмікласнік з малой васьмікласніцай,

Гадзіну, другую размову вядзе.

 

Махаюць часамі партфелямі пухлымі,

Аж брыкаюць формулы.

А шкаляры

Забылі пра дом

І што дома на кухнях

Даўно іх чакаюць дзве бабкі старых.

 

Хаджу я штодня тут любімаю сцежкаю

І думаю доўгія думы свае.

І не з насмешкаю,

Проста з усмешкаю

Глядзяць на мяне незнаёмцы мае.

 

Такія вясёлыя, добрыя, дружныя...

Я знаю, як гэту сустрэчу завуць.

Смяюцца ад радасці, велікадушныя,

І думаюць:

Сумна старыя жывуць.

 

Жывём мы,

Радзімай сваёй не забытыя.

А што мы, старыя, для іх, маладых?

Мы тыя, ваенныя, быццам забітыя...

І ўсё-такі рана шкадуюць старых.

Над хлопцам з дзяўчынай кляны разгараюцца.

Зайздрошчу? Ніколькі.

Сумую? Ледзь-ледзь...

А нам —

Маладосць, пэўна, не здагадаецца —

Да скону гарэць

І ніколі не тлець.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан