epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Маўклівая малітва

Перад пачаткам кожнай сесіі ААН

усе дэлегаты ўстаюць для маўклівай

малітвы і роздуму.

 

Моляцца белыя, жоўтыя, чорныя,

Адпрасаваныя, самавітыя.

Усе такія вучоныя,

Усе такія хітрыя.

 

Маліцеся, дыпламаты, маліцеся

Хрысту, алаху ці будзе.

А потым богу свайму пахваліцеся,

Што мір на планеце будзе.

 

І я стаю у трывожным роздуме:

Эпоха наша не ціхая.

А мілыя сэрцу вобразы розныя

У памяці ўспыхваюць.

 

Хто тут сябра, а хто тут вораг,

Нам разабрацца не цяжка...

А дома лісце зграбаць на дворык

Пабеглі Таня, Наташка...

 

Джэнтльмены мігам тут ашукаюць —

У белых манішках шакалы.

А дома дзеці мяне шукаюць,

І кнігі мяне чакаюць...

 

Пачнуць хлусіць, баламуціць, подлічаць,

Балбатаць пра мір,

Хоць вайна ім сніцца.

А дома на белым сподачку —

Ружовыя брусніцы...

 

Вось так хвіліну, другую стаім

З прыглушанымі вачыма.

Заўсёды і ўсюды ў сэрцы маім

Малітва адна —

Айчына.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан