epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Мяне сябры пытаюць..."

* * *

Мяне сябры пытаюць:

«Скажы, сярдзіты друг,

Навошта табе тая

Нянавісць да хапуг?

Усё пра злыдняў пішаш...

А ты ідзі у сквер —

Вясной усмак падышаш,

Складзеш вясёлы верш».

Ах, божа мой...

Ды сам я

Захоплены навек

Высокімі лясамі,

Спакоем родных рэк.

Па рэчцы успамінаў

Я плыў быў ўсё і плыў...

А хто нажом у спіну

Таварыша забіў?

І душагубы ходзяць,

Схаваныя ў туман,

Што ў даўнім горкім годзе

Губілі партызан.

Калі з нас кожны мірна

Ў пасцелі мяккай спаў,

Хлапчук, а не граміла

Ларок абрабаваў.

Падлетка строга судзяць,

Судзіце і мяне:

Мне гора сэрца студзіць,

Мне сорам плечы гне.

Сябры, хадзіце ў жыце,

Ганіце прэч тугу,

Пра васількі пішыце...

Я покуль не магу:

Завешчана бацькамі,

Сам Ленін даў наказ:

Жыць з чыстымі рукамі,

Рабіць не напаказ.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан