epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Мемарыяльныя дошкі

Я змераў Мінск і ўпоперак і ўдоўжкі,

Спазнаў усе завулкі, тупікі...

І ўсюды бачу дошкі, дошкі, дошкі,

Прыбітыя, здаецца, на вякі.

 

Каля адных праходжу ціха міма,

Каля другіх зусім спыняю крок...

Зноў лістапад,

І ноч,

І зноў над Мінскам

Рэвалюцыйны вее вецярок.

 

Далёкая суровая узнёсласць,

Мяне ты хвалявала ўжо не раз.

Вось тут Свярдлоў

Ад Леніна прынёс нам

І праўду,

І параду,

І наказ.

 

Тут Фрунзе пасылаў свае атрады

Раззброіць жандармерыю,

А там

Узводзілі мінчане барыкады,

Жыццём сваім

Шлях церабілі нам...

 

Наўкол гамоніць племя маладое,

Я сёння іх ні ў чым не папракну.

Я ведаю:

Ад нас пяройдзе ўсё ім —

Цяжар жыцця

І праўда пра вайну.

 

Ад песень і ад смеху гулкі пошчак...

Ды прыйдзе непазбежны сталы час,

І каля гэтых непрыкметных дошчак

Яны яшчэ прыпыняцца не раз.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан