epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Мінск едзе па грыбы

Бярыце, дзеці, кошыкі,

Паедзем мы на пошукі

Тугіх баравікоў.

А то яны застояцца,

Пад лісцямі затояцца

Ад лісаў і ваўкоў.

 

Вясёлая трывога

Прагнала моцны сон...

Блакітная дарога

З асенніх верасоў.

 

Народ ажно засопся:

Захопніцкі настрой.

Грузавікі, аўтобусы

І матацыклаў рой.

 

Нейлонавыя вёдры,

Рукзачныя гарбы.

Вей, вецер,

Хвойным водарам —

Мінск едзе па грыбы!

 

А восень у маністах —

Рабінавы рубін.

Аўтамабіль міністра

Нясмела затрубіў.

 

Пасады — у мурашнік!

А баравік — тут чын.

І рыжык — добры бражнік —

Знаходка для мужчын.

 

Чаго ж, як тыя дурні,

Мы столькі летаў, зім,

Нібыта ў смалакурнях,

На зборышчах сядзім?

 

А сэрца цёпла ные

Пад ціхі звон асін,

Што людзі ўсе зямныя

Нядрэнныя зусім.

 

Зямля, нібы жывая,—

Варушыцца цянёк.

І кожны адчувае

Сябе, як дзіцянё:

 

Не важкім фактам веку

І не кіраўніком,

А проста чалавекам,

Заўзятым грыбніком.

 

А бор такі духмяны,

Загадкавы такі!

Крамяныя, румяныя

Стаяць баравікі.

 

А бабак, сыраежак

Не возьме і гультай.

Хадзі сабе з усмешкай,

Настой лясны глытай.

 

Блукаюць грыбазбіры,

Якоча рэхам лес.

А я сумую шчыра,

Што ў пекла спраў залез.

 

Мне паказала восень

Маленства след майго...

Стаіць адзін між сосен

Клён жоўты, як мангол.

 

Прыцеміўся гушчарнік.

Пара дадому. Час...

Піжонаў збіла чарка —

Згубілі «Масквіча».

 

Аўто — як балаганы:

Сто радуг па бартах.

А вёдры — з берагамі,

Ну проста любата!

 

Выходзьце урачыста

Нас, цешчы, сустракаць.

Рыхтуйце пляшку чыстай

Ды ёмістую кадзь.

 

Зара на Мінск цярушыцца

Як жар, у печ грабі.

У кожным доме сушацца

І смажацца грыбы.

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан