epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Мінскі чыліец

Яго бацькі жывуць у Кардыльерах,

Хаваюцца, змагаюцца штодня.

А ён сядзіць з падручнікам у скверы,

Дзе лісцямі шапоча цішыня.

 

Ён у канцлагеры паўгода здзекі зносіў,

Ён сніць начамі акіянскі гул.

І мінская спагадлівая восень

Залечвае чылійскую тугу...

 

Ды вось аднекуль з вераснёўскай сіні

Бягуць студэнткі з крыкам да яго:

— Віншуем, Карлас, з сынам...

Сынам...

Сынам...

— А як ты назавеш сынка свайго?

 

Шчаслівы разгубіўся...

Нібы вучня,

Дзяўчаты пачалі яго кружыць...

Забыты недавучаны падручнік

Пад лісцямі кляновымі ляжыць...

 

Нам сёння чаркі поўныя наліце,

Мы вып’ем за чылійцаў маладых,

За Чылі

І за мінскага чылійца,

За будучыню іх,

За шчасце іх.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан