epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Млечны Шлях

Наш праспект, нібыта Млечны Шлях,

Ноччу ён кіпіць, пераліваецца,

Заклікі і лічбы на дамах

Яркія, ды толькі не чытаюцца.

 

Запісала заклікі вясна

У юнацкіх сэрцах вельмі моцныя,

Цішыня адкінута ад нас

Імправізаванымі прамоўцамі.

 

Кожны дробны сквер і кожны парк

Ад прамоў кароткіх сыпле іскрамі.

Не відно мне закаханых пар,

Гэта дрэва цыгарэтай бліскае.

 

Вуліцы мае... Агні, агні...

Зоркавая плынь, цячы ў душу маю,

Не хачу я сёння цішыні,

Горад мой, з табою ўсё дадумаю.

 

Ты жывы — і, значыць, я жыву.

Дай жа бог табе не знацца з бедамі.

Млечным Шляхам я плыву, плыву,

А куды плыву — яшчэ не ведаю.

 

Горад мой, ты сёння спаць не рай;

Маладосць цалуецца да раніцы...

Хай стары спустошаны трамвай

У свой парк паціху дабіраецца.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан