* * *
Мне бацька не пакінуў роднай хаты,
Ні высланы снапамі гулкі ток,
Куды прыходзіў зімнім днём сахаты
Паскубці сена ды пацерці бок.
І кожны дзень
Даваўся нам не дзешава,
Гняла бядой вайна
Маіх старых.
З магіл бацькоў прынёс я на падэшвах
Адзін пясок,
Адзін пясок сыры...
Прабачце, археолагі:
Не надта
Музейную люблю я старызну.
Я у казармах жыў
І ў інтэрнатах
І ў дваццаць тры
Урэзаўся ў вайну.
Мяне расцілі не тэатраў драмы —
Трагедыі жыцця...
Мяне мой Мінск
Заўжды,
Засыпаны ліствою і вятрамі,
Хоць ненадоўга
Робіць маладым.
Мы творым горад,
Горад нас стварае,
Люблю яго
Шматфарбны гул і спеў.
І часта з асалодай паўтараю:
Наш горад,
Наша школа,
Наш праспект.
І тлум люблю падземных пераходаў,
І новы дом рукой хачу крануць.
Глытаю пах сваіх хлебазаводаў
І толькі пах бензінавы кляну.
1976