epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Мой Каўказ

«Чарох-Карабах, Чарох-Карабах»,—

Па-азербайджанску цягнік гаворыць.

Заваконны вецер б’е па губах,

Вітаюць нас белымі шапкамі горы.

 

Люблю я вяршыняў магутны натоўп.

Якая ў іх годнасць і веліч!

А што там за імі?

Грымотны паток

Ці сонна сады ружавеюць?

 

Я чую ўжо мора прыглушаны звон,

А вунь і яно — навальнічнаю хмараю.

І логіка шумна ляціць пад адхон:

Дзе тут Балкарыя?

Дзе Балгарыя?

 

У горных рэспублік — арліны маштаб,

Калі яшчэ мора ды сонца,

Якой бы краіна малой ні была б —

Прасторы яе бясконцыя.

Зачараваны, бадзяюся я

Па вуліцах душных Сухумі.

Выходжу да мора, гляджу на маяк

У нейкай трывозе і суме.

 

Патокі сонца лагодна журчаць.

А колькі прыгожых дзяўчат,

Духмяных, нібы мацыёла,

Ад сонечнага мацыёну.

 

Прыезджыя гейшы тут п’юць айгешат,

А я цынандалі заказваю...

Відаць, то не гейшы. Яны не грашаць.

Яны захварэлі Каўказам.

 

І мне ж дастаткова твайго кіўка —

Я плюну на ўсе насмешкі

І зноў памчуся на сіні Каўказ

У пошуках згубленай сцежкі.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан