epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Мы

Праслаўлены лётчык,

Герой пасівелы

(І радуга планак,

І Зоркі святло)

Расказваў проста

І трошкі няўмела

Прыцішаным вучням,

Як неба гуло.

 

Ён «мы» гаварыў.

«Я» гучала не часта.

Успомніў усіх,

Абавязан каму,

Як быццам належала

Зорка спачатку

Згарэўшым і збітым,

А потым — яму.

 

А быў ён адважны,

І жыў ён не ціха, ды помніў

Свайго гераізму выток:

Вучонага розум

І нітку ткачыхі,

Галоднага тылу

Падмецены ток;

Шыфроўкі разведчыкаў,

Хлеб і жалеза,

І дружбу,

І ленінскай праўды тамы.

І быў ён шчаслівы,

Што можа адрэзаць

Дакладна і горда:

Што мы — гэта мы.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан