epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Мы пільней пазіраем на рэкі..."

* * *

Мы пільней пазіраем на рэкі

І з дэльфінамі падружылі.

Лес нам дорыць

найлепшыя лекі:

Мы прыродзе яшчэ не чужыя.

 

Садзім клёны

і мальвы ля хаты,

І вядзе праз усе непагоды

Караблі чарадзейны лакатар —

Набліжаемся да прыроды.

 

Прызямляемся на парашутах,

Пагружаемся ў цёмныя воды,

Вывучаем бусловы маршруты —

Набліжаемся да прыроды.

 

А калі хто наважыцца,

горды,

Чалавека стварыць у прабірцы,

Сам адлучыць сябе ад прыроды

І не здолее ў заўтра прабіцца.

 

Згінуць нормы усе і законы,

Паімчымся па іншай арбіце...

Богам стаць, далібог, рызыкоўна!

А прабіркі пакуль што не біце.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан