epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Мы ўсе крыху тыраны..."

* * *

Мы ўсе крыху тыраны,

Мы ўсе крыху рабы...

Адзін жыццё тараніць,

Другі — абы, абы.

 

Пакуль ты станеш прахам,

Прыдаўлены зямлёй,

Жыві пад зорным дахам

Са спадчынай сваёй.

 

І люба ці не люба —

Пазней адпомсцяць нам

Свая былая грубасць

І нечы дробны шрам.

 

Сябе ты дакараеш

За даўнія грахі,

Маўкліва дагараеш,

Як перастой сухі.

 

Мажліва, што і ўнукі

Табе ж і аддадуць

Не дабрату навукі,

А слоў зласлівых муць.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан