epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Мы выцерпелі..."

* * *

Мы выцерпелі

многа,

Нас гора часта мяла.

Для жыхара зямнога

Скупога сонца

мала.

 

Не трэба

мераць лета

Працягласцю зімоўкі:

«Лепш не пішы

пра гэта,

Пра цяжкасці замоўкні...»

 

А па якой рацэ

Плыве к нам

столькі пошасці?

Як мельнік у муцэ,

Свет у хлусні

і пошласці.

 

Сумленныя мы ўсе,

Ды рэдка

дружым з подзвігам.

Рака жыцця нясе

Зашмат струменяў подленькіх.

 

А як ачысціць муць?

Скажы,

якімі фільтрамі?

Жывуць

і ў вус не дзьмуць

Прыстасаванцы хітрыя.

 

З іх кожны

быццам б’е

Старое

грозна розгамі,

А сам дабро грабе,

Схаваўшыся за лозунгі.

 

Па мне дык лепш турботнае

Жыццё, ды без хлусні.

Змарыўся —

плечы потныя

Дажджом апаласні.

 

Не заімшэй над градамі,

Над скрынямі з дабром.

Працуй,

дружы і радуйся

За наш вялікі дом.

 

Бо трэба нам

пакінуць

Наследнікам навек

Праўдзівую краіну

Між салаўіных рэк.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан