epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"На нашым паўночным паўшар’і..."

* * *

На нашым паўночным паўшар’і

Зжаўцелая восень імжыць,

Ліствы адшугалі пажары,

І час наш павольней бяжыць.

 

Ён, можа, бяжыць не павольней,

А проста не бачна з-за хмар...

Не хочацца думаць пра войны,

Пра бомбаў нейтронных кашмар.

 

За год наш народ нарабіўся,

А вольнага часу не шмат.

Не грэх, калі хто на рабіне

Гарэлку настоіць да свят.

 

А наш лістапад — ён уючны

З багатай паклажай вярблюд.

Вунь яблыкі хрупаюць вучні,

Вунь бульбу ссыпаюць у груд.

 

Якія у нас верблюды там! —

Капусту вязе грузавік.

Здаўна не быццём я, а бытам

Цікавіцца восенню звык.

 

І побыт асенні народа

Хвалюе ізноўку мяне.

А водар садоў і гародаў

Кватэр гарадскіх не міне.

 

Хвала векавечным турботам!

Жаўцеюць цыбулі вянкі,

Напоўнены слоікі мёдам,

Засолены ў бочках гуркі.

 

Мяшэчкі — з гарохам і макам,

Яны прычакаюць свой час...

Я хрупаю храпку са смакам:

Капусту шыткуюць у нас.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан