epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

На схіле веку

Цеснавата стала на зямлі.

Мы жывём цяпер на схіле веку.

Два тысячагоддзі, тры нулі

Падплываюць не па ціхіх рэках.

 

І такая ў свеце мітусня...

Балбатні не веру, хоць зарэжце,

Дзе жывая праўда, дзе хлусня,

Справядлівасць дзе — ледзь разбярэшся.

 

Дзе старая хітрасць, дзе прагрэс,

Дзе тут новы цуд, а дзе найноўшы...

Толькі грукат хуткасці — і стрэс,

Толькі ўсё цяжэй людская ношка.

 

Дзе там па-старому б’юць людзей,

Дзе катуюць на узроўні веку?

І няма прыпынку.

І радзей

Радасць ахінае чалавека.

 

Дзе знайсці без стронцыю і без

Хімікатаў трохі людскай ежы?

І шукаюць запаведны лес

Мудрыя асілкі з Белавежы.

 

Бруд вякоў і ліўням цяжка змыць...

Любім мы на саначках катацца.

Прагнуць свет машыны задыміць,

За усе вякі нагрукатацца.

 

На планеце ўсё ўжо ў нас было,

І ахвяры ўсе мы падлічылі.

Раптам новым болем загуло

Слова акрываўленае — Чылі.

 

Дык пастой, падумай, памаўчы:

Зло знікае цяжка і марудна...

І на схіле веку уначы

Б’юць званы трывожныя Нэруды.

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан