epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"На сходах часта ў звон мы гучна б’ём..."

* * *

На сходах часта ў звон мы гучна б’ём

І, абалдзеўшы ў пустаслоўі тлумным,

«Давайце вып’ем, — розум не прап’ём,

Бо ў нас яго няма»,— жартуем сумна.

 

Прывыклі ўсе мы да прамоў грымотных,

Да спіскаў памінальных, тэмаў модных.

Зрабілася ўжо звычкай неўпрыкметкі

Усё ўзгадняць і прад’яўляць даведкі.

 

Каб разжаваць пытанняў важных соль,

Да старшыні у кабінет нас клічуць.

«Трэ узгадніць!» — і пальцам тыц у столь.

А там, на версе, столь падлогай лічуць...

 

Цікава там! Ды што ты ні кажы,

Сягоння я за іншае ў трывозе...

Грабуць зямлю зубастыя каўшы

Аднолькава на Свіслачы і Волзе.

Аднолькавы убогі пах катлет

У душных падарожніцкіх харчэўнях...

Я сам штодзень кіплю ў жыцця катле,

Навошта мне набег? Я не качэўнік.

 

Я не хачу за модаю ляцець,

І так іх шмат лаўцоў кар’ер і моды.

Не балбатаць — за працаю святлець,

Не узгадняць, а жыць жыццём народа.

 

І хто мяне за тое папракне,

Што слова я пакутліва шукаю,

Каб расказаць аб роднай старане

І пра цябе, любоў мая цяжкая.

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан