epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Начное акно

Постаць матулі сівой у акне,

Голас трывожны і горкі.

Часта пыталася маці ў мяне:

— Куды падзеліся зоркі?

 

Неба начное ў электратумане,

Дыхае горад смогам...

Ні табе печ распаліць уранні,

Ні памаліцца богу.

 

Рукі без працы цяжка насіць.

І адпачынак не ў радасць.

Ні добрае цеста на хлеб замясіць,

Ні пакапацца ў градах.

 

Ні пасядзець з суседкай на прызбе,

Ні падмесці зялёны дворык.

Адно тэлевізар спявае і трызніць

І нагнятае змору.

 

Маці руплівай няма ўжо даўно,

Сам пазіраю ў начное акно

І чую той голас горкі:

— Куды падзеліся зоркі?

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан